Як у бліжэйшы час зменяцца ў Мінску трамвайныя прыпынкі?

У Мінску з’явілася некалькі новых — нязвыклых для горада — трамвайных прыпынкаў. У сацыяльных сетках іх называюць «стыльнымі» і «сімпатычнымі», а людзей, якія іх робяць, — «вытанчанымі». Карэспандэнт «Рэспублікі» пабывала на вытворчасці гэтых гарадскіх канструкцый і даведалася, дзе яшчэ ў горадзе плануюць іх паставіць.

Новыя прыпынкі будуць служыць вельмі доўга.ФОТА АЛЯКСАНДРА КУШНЕРА

Філіял «Рамонтна-механічны завод» дзяржаўнага прадпрыемства «Мінсктранс» знаходзіцца на Партызанскім праспекце. Менавіта тут робяць карысныя для гараджан рэчы — навесы для прыпынкаў. У дадзеным выпадку мы гаворым пра прыпынкі з новым дызайнам, якія ўстанавілі летась на вуліцах Платонава і Чапаева, а зараз з’явіліся яны і на вуліцы Ульянаўскай, дзе да адкрыцця стадыёна «Дынама» правялі поўнае абнаўленне. Усе заўважылі: яны выгадна адрозніваюцца ад іншых. І на рамонтна-механічным заводзе гэта таксама адзначылі:

— Калі мы па чарцяжах зманціравалі першы прыпынак, нам ён вельмі спадабаўся. Пасля пафарбавалі ў жоўты колер і дакладна зразумелі, што гэта годны элемент горада, — дырэктар філіяла «Рамонтна-механічны завод» Аляксандр Сахар накіроўваецца ў цэх, дзе робяць розныя металавырабы, металаканструкцыі, а некалькі гадоў таму ўзяліся за навесы і агароджы для трамвайных пуцей.

Ідзём па розных зонах працы: метал тут гнуць, рэжуць, выразаюць. Назіраю, як майстры хутка з ім працуюць. Завадчане кажуць, што ў пачатку работ над новымі канструкцыямі тут няма дзе было яблыку ўпасці — усё было ў метале. Калі выйшлі ва ўнутраны дворык, за межы вытворчай зоны, бачым нарыхтоўкі тых самых «стыльных» прыпынкаў. Яны даволі масіўныя. І складаныя ў канструкцыі. Вырабіць іх няпроста: выкарыстоўваецца шмат металу, які неабходна нарэзаць у патрэбных памерах і формах па чарцяжах маладых дызайнераў-канструктараў і інжынераў праектнай арганізацыі, канструктарскага бюро завода, а затым дапрацаваць асноўныя вузлы, зварыць канструкцыю. Пасля тое, што атрымалася, адпраўляюць у Ліду, дзе на заводзе будучы прыпынак праходзіць праз ванны гарачага цынкавання. Такое «спа» дазволіць канструкцыі быць цэлай у агрэсіўных гарадскіх умовах. Снег, солі, механічныя і іншыя пашкоджанні павінны абысці яе бокам. У цэлым працэдура нятанная, але яна вартая ўкладзеных сродкаў.

У Мінск канструкцыя вяртаецца на дапрацоўку, зачыстку, грунтоўку і пакрыццё спецыяльнай устойлівай фарбай у 2-3 пласты. Толькі пасля гэтага ўсе элементы дастаўляюць на ўчастак, дзе будуць манціраваць. Дарэчы, прама зараз маляр Віталь Станкус пульверызатарам фарбуе ў жоўты колер будучы прыпынак.

— У такім стылі са студзеня мы выканалі шэсць прыпыначных навесаў, 168 дарожных агародж і некалькі сотняў штук іншых агароджаў, — працягвае экскурсію Аляксандр Сахар. — На непасрэдным месцы прыпынку яшчэ шмат працы. Важыць такая канструкцыя каля пяці тон! Трэба ўстанавіць алюмініевыя кампазітныя панэлі, замацаваць, заліць спецыяльным клеем, абшаляваць канструкцыю зацемненым трохслаёвым шклом зверху і па баках і многае іншае неабходна зрабіць. Тут шмат планак, крапяжоў, выкарыстоўваецца больш за 20 відаў матэрыялаў! Пасля ўстанаўліваем сядзенні. А потым у спецыяльныя мацаванні ўстановяць яшчэ і электронныя табло.

Што тычыцца новых навесаў, то яны яшчэ з’явяцца на трамвайных прыпынках па вуліцы Мяснікова. Аднак на заводзе ўпэўнены, што на ўвесь горад аднолькавыя прыпынкі не ўстановяць — другі колер і новыя стыльныя рашэнні яшчэ прыдумаюць дызайнеры-канструктары.

— Важную ролю на трамвайных прыпынках выконвае і агароджа, галоўная функцыя якой — абарона пасажыраў на рэф’южы — пляцоўцы для пасадкі і высадкі пасажыраў. Быў выпадак на Чапаева, калі матацыкліст уляцеў у агароджу, але пасажыры засталіся цэлыя, — кажа пра надзейнасць такіх металаканструкцый Аляксандр Сахар. Так, здаецца, нават калі які-небудзь вандал уявіць сябе Ван Дамам, то шанцаў у яго мала.

Але не толькі новымі прыпынкамі славяцца вуліцы, дзе цяпер праходзіць рэканструкцыя трамвайных шляхоў. Андрэй Клішэвіч, дырэктар філіяла «Рамонтна-будаўнічае кіраванне» дзяржаўнага прадпрыемства «Мінсктранс», кажа, што працуюць зараз майстры вельмі ўдарна: да 15 верасня павінны скончыць укладку рэек на ўчастку ад Захарава да Бабруйскай па новай тэхналогіі. Так, ужо даўно ў нас адышлі ад выкарыстання шпал. Замест іх выкарыстоўваюцца маналітныя жалезабетонныя пліты, у падоўжныя жолабы якіх кладуць рэйкі. Пасля іх заліваюць спецыяльным клеем, які дубянее і працуе як звышмоцная гума. Яна гасіць вібрацыю, якая ўзнікае пры руху трамвая. У выніку гэтага зніжаецца шумнасць і павялічваецца надзейнасць, даўгавечнасць шляхоў. У цэлым прыгожымі атрымліваюцца трамвайныя шляхі і прыпынкі ў горадзе! А як яны вам?

Источник: https://minsknews.by/yak-u-blizheyshyi-chas-zmenyatstsa-u-minsku-tramvaynyiya-pryipyinki/